КАМП’Е́НСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1918 Заключана 11.11.1918 у канцы першай сусветнай вайны 1914—18 у Камп’енскім лесе (каля станцыі Рэтонд, Францыя) паміж Германіяй (кіраўнік дэлегацыі М.Эрцбергер) з аднаго боку, і Францыяй, Вялікабрытаніяй, ЗША і інш. краінамі антыгерм. кааліцыі — з другога (ад імя саюзнікаў падпісана маршалам Францыі Ф.Фошам). Прадугледжвала спыненне ваен. дзеянняў, вывад герм. войск з левабярэжжа Рэйна і стварэнне дэмілітарызаванай зоны на яго правым беразе, капітуляцыю герм. войск ва Усх. Афрыцы, адмову Германіі ад палажэнняў Бухарэсцкага мірнага дагавора 1918, Брэсцкага міру 1918 і інш. Было заключана на 36 дзён, але неаднаразова прадаўжалася і дзейнічала да набыцця сілы Версальскага мірнага дагавора 1919.
т. 7, с. 537
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)